“Гарачая” пара

Ліпень-жнівень для кагосьці пара “гарачых” пуцёвак на адпачынак на моры, курорце, а для работнікаў нашага кааператыва з года ў год гэта сапраўды самая “гарачая” пара. Трэба своечасова прыбраць збожжа, высушыць яго і залажыць у склады. Менавіта ад якасці гэтай “гарачай пары” можна будзе вылічваць свае поспехі на далейшы год.

Галоўны аграном хвалюецца: “Вунь нейкія хмары набліжаюцца!”, інжынер-механік у роспачы, што не хапае запчасткі для камбайна, цэлы дзень прастайвае…

І плывуць, і плывуць камбайны па жніву, быццам караблі ў моры. І як і патрабуе таго правіла, кожны “карабель” мае свайго капітана, ад якога залежыць і якасць, і тэмп, і ўвогуле будучае кааператыва. Няма зерня – няма хлеба, няма корма скаціне — няма мяса, а значыць і няма грошай. Можа таму не кожны жадаючы трапляе ў лік “капітанаў”. Гэта павінен быць трактарыст як з жыцёвым, так і з працоўным стажам, характарызавацца як добрасумленны работнік. Сёння з 23 экіпажаў 20 выйшлі на поле і ўдзельнічаюць у спаборніцтве. І гэта самае сапраўднае спаборніцтва, як і ў спорце. З першага дня жніва яўным лідэрам быў Юркойць Тадэвуш Іванавіч з памошчнікам Асадчуком Анатолем Анатолевічам. Гэты экіпаж з года ў год быў пераможцам жніва. Прайшло некалькі дзён і некалькі ўдзельнікаў спаборніцтва (Юркойць Т.І., Вярбовіч В.А., Тумінскі В.А.) амаль зраўняліся ў сваіх выніках. Хто будзе пераможцам? Час пакажа, галоўнае, каб хуткасць і колькасць не абагналі якасць!

Такі ж самы гарачы спор разгарэўся і сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня. Сярод лідэраў аказаліся: Казюль Яўген, Кірпа Сяргей і Грынцэвіч Уладзімір.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *